— Насамрэч, чэленджаў вельмі шмат, — прызнаецца заснавальніца платформы VODBLISK Воля Чайкоўская. — Я б іх падзяліла на некалькі асноўных катэгорый: тэхнічныя, крэатыўныя, маркетынгавыя, фінансавыя.
Па словах кінематаграфісткі, тэхнічныя чэленджы звязаныя з платформай, якая грунтуецца на Vimeo, што цягне за сабой пэўныя абмежаванні. Напрыклад, нельга паўплываць на тое, як выглядае працэс набыцця квіткоў і прагляду фільмаў.
Да крэатыўных чэленджаў Воля адносіць недастатковую колькасць якасных незалежных стужак:
— Дзесяцігоддзямі гісторыя складалася так, што беларускае кіно не мела фінансавання, пракату і нармальнага маркетынгу. З-за гэтага нават тыя класныя фільмы, якія выпускаліся ва ўмовах вельмі абмежаваных рэсурсаў, не атрымлівалі належнай увагі. А цяпер, мы аказаліся ў такой сітуацыі, калі, па сутнасці, няма беларускага кінарынку: няма фінансавання, тобок грошай на вытворчасць, з-за чаго людзі не хочуць ісці ў прафесію, і атрымліваецца, што зноў-такі няма вытворчасці, адпаведна няма чаго паказваць.
Цяжкасці ўзнікаюць і з-за таго, хто з'яўляецца праваўладальнікам фільма. Паколькі на дадзены момант платформа не супрацоўнічае з дзяржаўнымі інстытуцыямі, гэта таксама абмяжоўвае ў тым, што можа ўвайсці ў рэпертуар VODBLISK.
Такім чынам, на многія працэсы наўпрост уплывае цяперашні стан беларускага кінематографа. Як гэта выразна і хвастка апісаў культуролаг Максім Жбанкоў у адным са сваіх тэкстаў:
«Беларускае кіно сёння — ікееўскі зэдлік, да якога хтосьці забыўся дадаць інструкцыю па зборцы, камплект дзіўнаваты, рэсурс невідавочны».